ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял. Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
В.Д.Краско.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)